(Translated by https://www.hiragana.jp/)
Капыль — Вікіпэдыя Перайсьці да зьместу

Капыль

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Капыль
лац. Kapyl
Панарама Капылю з Замчышча
Панарама Капылю з Замчышча
Герб Капылю Сьцяг Капылю
Першыя згадкі: 1274
Магдэбурскае права: 27 жніўня 1652
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Капыльскі
Вышыня: 210 м н. у. м.
Насельніцтва: 9489 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1719
Паштовыя індэксы: 223910, 223927
СААТА: 6228501000
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 53°9′0″ пн. ш. 27°5′30″ у. д. / 53.15° пн. ш. 27.09167° у. д. / 53.15; 27.09167Каардынаты: 53°9′0″ пн. ш. 27°5′30″ у. д. / 53.15° пн. ш. 27.09167° у. д. / 53.15; 27.09167
Капыль на мапе Беларусі ±
Капыль
Капыль
Капыль
Капыль
Капыль
Капыль
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Капы́ль — места ў Беларусі, на рацэ Мажы. Адміністрацыйны цэнтар Капыльскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 9489 чалавек[1]. Знаходзіцца за 120 км ад Менску, за 9 км ад чыгуначнай станцыі Цімкавічы (лінія Баранавічы — Асіпавічы).

Капыль — магдэбурскае места гістарычнай Случчыны (частка Наваградчыны), колішняя сталіца ўдзельнага княства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, помнік архітэктуры XIX ст., часткова зруйнаваны савецкімі ўладамі.

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, аснова тапоніму Капыль ужывалася для пазначэньня адной з прыладаў апрацоўкі зямлі накшталт матыкі або кіркі. У беларускай мове слова «капыл» захавалася галоўным чынам для пазначэньня верхняй часткі шавецкай калодкі, а часам аднаго з тыпаў малатка (балтыйскае kople). Захавалася і мянушка Капыл — 'упарты, незгаворлівы чалавек'[2].

Тым часам, паводле папулярнага меркаваньня, назва Капыль утварылася ад слова «капыльле» — 'поле, апрацаванае матыкай'[3]. Аднак некаторыя дасьледнікі мяркуюць, што назва паселішча ўтварылася ад слова «капальня» — часткі паганскай бажніцы[4].

Першы пісьмовы ўпамін пра Капыль зьмяшчаецца ў Галіцка-Валынскім летапісе з нагоды вайны галіцкага і холмскага князя Льва зь літоўскім князем Трайдзенам і датуецца 1274 годам[5].

Непадалёк ад сучаснага месца ёсьць гарадзішча, якое ў VIII—XI стагодзьдзях належала дрыгавічам. У XI—XIII стагодзьдзях тут разьмяшчаўся дзядзінец, дзе жыў князь з сваёй дружынай.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1320-я гады Капыль далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У XIV—XVIII стагодзьдзях на тэрыторыі гарадзішча (у цэнтры сучаснага места) існаваў драўляны замак. У 1395 годзе Капыль стаў цэнтрам княства ў валоданьні Алелькавічаў. У 1439 годзе сын вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча намесьнік літоўскі Міхал збудаваў тут драўляны касьцёл (у 1859 годзе на ягоным месцы ўзьвялі новы мураваны[6]). У 1506 годзе слуцкія і капыльскія баяры, якіх сабрала князёўна Анастасія, разьбілі тут крымскіх татараў, што адыходзілі па разгроме пад Клецкам.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Капыль увайшоў у склад Наваградзкага ваяводзтва. У 1508 годзе, учыніўшы фэўдальны мяцеж, места захапіў Міхал Глінскі, які аднак ня здолеў узяць замак. За часамі паўстаньня С. Налівайкі 25 лістапада 1595 году каля Капылю адбыўся бой паміж казацкім загонам на чале з палкоўнікам Марцінкам і войскай К. Радзівіла, у якім Марцінак загінуў, а казакі адступілі. У канцы XVI ст. дзеялі кальвінскі збор і царква.

У 1612 годзе па сьмерці апошняй прадстаўніцы роду Алелькавічаў, князёўны Соф’і, Капыль перайшоў да Радзівілаў. 27 жніўня 1652 году кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў месту Магдэбурскае права і герб: «у залатым полі чорны паляўнічы рог»[7]. Ад гэтага часу жыхары абіралі магістрат з 2 бурмістраў, 4 радцаў, мескага пісара, войта і 4 лаўнікаў. Апроч таго, яны атрымалі на кірмашы і штотыднёвыя таргі ў пятніцы. У XVII ст. дзеяла 6 цэхаў: шавецкі, кравецкі, шапачны, рэзьніцкі і ганчарны. У 1695 годзе паміж аддзеламі Сапегаў і Радзівілаў адбыліся баі за валоданьне Капылем. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) пажар зьнішчыў у месьце больш за 60 дымоў.

У 1732 годзе адзін з жыхароў Капылю — Якаў Кісель — азначаецца як «стараліцьвін»[8]. У сярэдзіне XVIII ст. у месьце было 12 вуліцаў, 136 дымоў хрысьціян і 53 — юдэяў. На 1750 год упамінаюцца 244 рамесьнікі, 98 краўцоў, 55 ткачоў, 39 прадзільніц, 7 апрацоўнікаў мэталаў (разам 20 прафэсіяў). У 1791 годзе Капыль увайшоў у склад Случарэцкага павету[5].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Праект дома Ш. Левіна на Нясьвіскай вуліцы, 1879 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Капыль апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Слуцкім павеце. На 1795 год у месьце дзеялі 2 касьцёлы і царква, працавалі 3 млыны і карчма. На 1800 год — 175 двароў. Пазьней статус паселішча панізілі да мястэчка, якое ў 1832 годзе перадалі ў валоданьне Вітгенштэйнам. У 1833 годзе па судовым працэсе, распачатым жыхарамі Капылю, іх вызналі асабіста вольнымі, але зямлю пакінулі ў валоданьні зямяніна. На 1859 год у мястэчку было 257 двароў, дзеялі касьцёл, царква, збор і 2 юдэйскія малітоўныя дамы, працавалі 2 вадзяныя млыны і 6 крамаў. На 1861 год — 357 двароў, у 1886 годзе дзеялі касьцёл, царква і збор, працавалі 4 юдэйскія малітоўныя школы, бровар, млын, 6 заезных дамоў, 87 крамаў.

Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Капылі дзеялі касьцёл, царква, кальвінскі збор і 2 юдэйскія малітоўныя дамы; працавалі 3 школы (у тым ліку 2 жыдоўскія), бровар, 2 млыны, 3 ганчарныя заводы, прадпрыемства прахаладжальных напояў, 92 крамы, аптэка, заезны дом, 7 корчмаў. На 1909 год — 1178 двароў. Улетку 1911 году ў мястэчку з спэктаклем выступіла трупа Ігната Буйніцкага.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Капыль занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Капыль абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[9]. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Капыль увайшоў у склад Беларускай ССР. У жніўні 1919 — ліпені 1920 году мястэчка займала польскае войска. У 1924 годзе Капыль стаў цэнтрам раёну БССР, тут працавалі меская бібліятэка, тэатар, народны дом, лякарня, аптэка, 7-гадовая школа. На 1926 год у мястэчку працавалі сыраварны і цагляны заводы, ганчарная і шавецкая арцелі. У 1930-я гады тут працавалі млын зь лесапілкай, торфазавод, хлебапякарня, маслазавод, друкарня, шавецкая, кравецкая, сталярна-мэблевая і кавальская прамысловыя майстэрні, электрастанцыя. 27 верасьня 1938 году Капыль атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу.

У Другую сусьветную вайну з 29 чэрвеня 1941 да 1 ліпеня 1944 году Капыль знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху.

29 красавіка 1984 году Капыль зноў атрымаў статус места. 8 лютага 2000 году афіцыйна зацьвердзілі гістарычны мескі герб.

  • XVIII стагодзьдзе: 1750 год — 1230 чал.[10]; 1795 год — 693 чал.; 1800 год — 629 чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1861 год — 1842 чал.; 1883 год — 2 тыс. чал.[11]; 1897 год — 4463 чал.[12]
  • XX стагодзьдзе: 1909 год — 5968 чал.; 1926 год — 4 тыс. чал.; 1941 год — 5059 чал.[13]; 1969 год — 4,1 тыс. чал.[14]; 1977 год — 5,7 тыс. чал.; 1991 год — 10 тыс. чал.; 1997 год — 10,7 тыс. чал.[15]; 1998 год — 10,8 тыс. чал.[16]
  • XXI стагодзьдзе: 2006 год — 10,6 тыс. чал.; 2007 год — 10,5 тыс. чал.; 2008 год — 10,4 тыс. чал.; 2009 год — 9938 чал.[17] (перапіс); 2015 год — 9733 чал.[18]; 2016 год — 9620 чал.[19]; 2017 год — 9526 чал.[20]; 2018 год — 9489 чал.[1]
Новы касьцёл

У Капылі працуюць 6 дашкольных установаў, 3 сярэднія, 2 дзіцяча-юнацкія спартовыя школы, дзіцячая школа мастацтваў.

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць лякарня і стаматалягічная паліклініка.

Дзеюць 2 бібліятэкі, цэнтар культуры.

Афіцыйная назва Гістарычная назва
Зьмітра Жылуновіча вуліца Пясецкая вуліца
Царкоўная вуліца
Сьвержанская вуліца[21]
Камсамольская вуліца Слабодзкая вуліца (частка)
Дубніцкая вуліца (частка)
Карла Маркса вуліца Сьвержанская вуліца[22]
Леніна плошча Рынак пляц
Максіма Горкага вуліца Крыжовая вуліца[23]
Какорыцкая вуліца[22]
Клецкая вуліца (частка)
Сьвержанскі завулак (частка) [21]
Партызанская вуліца Слуцкая вуліца
Пралетарская вуліца Задні Роў вуліца[23]
Садовая вуліца[22]
Затыльная вуліца[21]
Пушкіна вуліца Сьвержанскі завулак[21]
Савецкая вуліца Ходзькаўская вуліца
Нясьвіская вуліца
Трактарная вуліца Броварная вуліца

З урбананімічнай спадчыны Капылю да нашага часу гістарычную назву захавала толькі вуліца Замкавая. Паводле пляну 1-й паловы XIX ст. Менская вуліца называлася Пясецкай[21].

У Капылі існавалі гістарычныя мясцовасьці: Яцкоўшчына, Засьценак, Малая Байкоўшчына, Вялікая Байкоўшчына, Шусьціна, Салаўёўшчына, Грыцава гара, Падзамча, Клебаншчына, Каменшчына, Старына, Рэпішкі.

Прадпрыемствы харчовай, дрэваапрацоўчай прамысловасьці.

Пералік прамысловых прадпрыемстваў Капылю
  • Капыльскі масласырзавод ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат»
  • КУП «Капыльскі завод драўляных вырабаў»;
  • КУП «Капыльскі завод жалезабэтонавых вырабаў»
  • філія ТАА «Сармат»
  • ПУП «Капыльскі кааппрам» Капыльскага раённага спажывецкага таварыства

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Краязнаўчы музэй

Дзее Капыльскі краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў гатэлі «Капыль»[24].

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Кальвінскі збор
  • Сынагога
  • Царква Ўшэсьця Гасподняга (XVI ст.)
  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 173—174.
  3. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 2. — Менск, 2011. С. 125.
  4. ^ Богдашич С. Седые легенды древнего Копыля, Інфа-Кур’ер, 17 сьнежня 2008 г.
  5. ^ а б Грыцкевіч А. Капыль // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 42.
  6. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 423.
  7. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 167.
  8. ^ Архив Юго-Западной России. Ч. 1, т. 4. — Киев, 1871. С. 441.
  9. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  10. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 2. — Менск, 2011. С. 130.
  11. ^ Jelski A. Kopyl // Słownik geograficzny... T. IV. — Warszawa, 1893. S. 386—387.
  12. ^ Грыцкевіч А., Калядзінскі Л. Капыль // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 105.
  13. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 2. — Менск, 2011. С. 132.
  14. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 2. — Менск, 2011. С. 133.
  15. ^ Грыцкевіч А., Калядзінскі Л. Капыль // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 104.
  16. ^ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 8. С. 34.
  17. ^ Перепись населения — 2009. Минская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  18. ^ Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  19. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  20. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  21. ^ а б в г д Плян мястэчка Капылю
  22. ^ а б в Татаринов Ю. Города Беларуси в некоторых интересных исторических сведениях. Минщина. — Минск, 2008.
  23. ^ а б Капыль і Магдэбургскае права: нарысы гісторыі горада XIV—XIX стагоддзяў. — Горадня: ЮрСа Принт, 2012.
  24. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  25. ^ Копыль (рас.). Globus.tut.byПраверана 20 лютага 2012 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]