(Translated by https://www.hiragana.jp/)
Люцыян Хвецька — Вікіпэдыя Перайсьці да зьместу

Люцыян Хвецька

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Люцыян Хвецька
Род дзейнасьці сьвятар, рэлігійны і грамадзкі дзяяч
Дата нараджэньня 22 лістапада 1889
Месца нараджэньня Дуброва Беластоцкая
Дата сьмерці 28 красавіка 1944
Месца сьмерці Стоўпцы
Месца вучобы

Люцыян Хвецька (пс. Л. Малышэвіч; 22 лістапада 1889, Дуброва Беластоцкая — 28 красавіка 1944, Стоўпцы) — сьвятар, дзяяч беларускага хрысьціянскага руху.

Скончыў гарадзкую 3-клясную вучэльню ў Саколцы (1904), Духоўную каталіцкую сэмінарыю ў Пецярбургу (1911), Духоўную каталіцкую акадэмію ў Пецярбургу (1915) са ступеньню магістра тэалёгіі. 31 траўня 1914 быў высьвячаны на сьвятара.

Стаў адным з заснавальнікаў «Хрысьціянскай дэмакратычнай злучнасьці» і беларускай каталіцкай газэты «Krynica». Супрацоўнічаў зь віленскім каталіцкім штотыднёвікам «Biełarus» (1913—1914) і петраградзкім часопісам «Сьветач», у якіх пад псэўданімам Л. Малышэвіч зьмяшчаў свае папулярныя артыкулы. Служыў у Пецярбургу, дзе таксама выкладаў у духоўнай каталіцкай сэмінарыі.

У 1921 — езьдзіў служыць у Гатчыну, Колпіна і Пскоў. 5 сьнежня 1922 — арыштаваны «за супраціў падчас закрыцьця касьцёлу», але хутка вызвалены[1].

10 сакавіка 1923 арыштаваны савецкімі ўладамі. У маскоўскім працэсе арцыбіскупа Яна Цепляка і групы петраградзкіх сьвятароў асуджаны на 10 гадоў турэмнага зьняволеньня арт. 40, 68, 69-1, 119 і 121 УК РСФСР. Адасланы ў Сакольніцкую турьму. 1 лютага 1925 у рамках абмену палітвязьнямі прыехаў у Польшчу. У 1926 — 1931 гг. працаваў рэктарам Місіянэрскага інстытуту ў Любліне. Займаўся ўнійнай працай сярод праваслаўных. Пасьля пераведзены ў Пінскую рыма-каталіцкую дыяцэзію.

Спачатку служыў пробашчам у парафіях у Шчытніках і Ставах пад Берасьцем. З 1933 г. працаваў у дыяцэзіяльнай курыі і Пінскай каталіцкай духоўнай сэмінарыі, у якой выкладаў пастаральную тэалёгію, чытаў лекцыі па беларускай і расейскай мовах. Скарбнік дыяцэзіяльнай курыі і віцэ-старшыня дыяцэзіяльнай рады.

У верасьні 1939 г. ён прыехаў працаваць у Хатаву.

Польская паліцыя сачыла за сьвятаром Люцыянам Хвецькам. У справаздачы ад 28 траўня 1938 згадваецца, што той ад пачатку працы ў Пінскай рыма-каталіцкай сэмінарыі распачаў прапаганду «беларуска-ўкраінскага апартунізму», пачаў насычаць сэмінарыю беларускай і ўкраінскай рэлігійнай літаратурай, апекаваўся беларускімі сэмінарыстамі, дрэнна ставіўся да польскіх. Перашкаджаў працы харцэрскай арганізацыі ў сэмінарыі[2].

Зь верасьня 1939 па 1944 служыў пробашчам у рыма-каталіцкай парафіі ў Хатаве ў Налібоцкай пушчы. У лютым 1944 падчас нападу партызанаў ксёндзь Люцыян Хвецька ўцёк басанож і ў адной бялізьне зь плябаніі, моцна прастудзіўся, захварэў і 28 красавіка 1944 памёр у стаўпецкім шпіталі[3]. Паводле іншых зьвестак зьбіты нямецкай паліцыяй[4].

Пахаваны пры касьцёле ў Хатаве.

  1. ^ Хведько (Хвецько) Луциан Антонович // Священники, монашествующие и миряне, репрессированные в годы советской власти: электронная энцыкляпэдыя парталу Сatholic.ru
  2. ^ А. Л. Ильин (Пинск). Белорусская деятельность Алексея Петрани и Люциана Хведько в Пинской католической духовной семинарии // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа: Х 95 зб. навук. арт.: у 2 ч. Ч. 2 / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: Э. С. Ярмусік [і інш.]. — Гродна: ГрДУ, 2009. — 349 с. ISBN 978-985-515-250-8 (ч.2). ISBN 978-985-515-241-6.
  3. ^ Юры Туронак. Люцыян Хвецька // Наша Вера 4(30)/2004
  4. ^ Хвецька Люцыян // Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. — Менск-Мюнхэн: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3
  • ХВЕЦЬКА Люцыян // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Хвецька Люцыян // Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. — Менск-Мюнхэн: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3