(Translated by https://www.hiragana.jp/)
Санскрыт — Вікіпэдыя Перайсьці да зьместу

Санскрыт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Санскрыт
संस्कृतम्
Файл:Sanskrit.svg, Sanskrit in Siddham script.svg
Ужываецца ў першапачаткова — паўночны Індастан
Рэгіён Індастан
Колькасьць карыстальнікаў каля 50 000
Клясыфікацыя Індаэўрапейская сям’я
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў Індыі
(адна з 23 фэдэральна прызнаных моваў, адна з афіцыйных моваў штату Утаракганд)
Статус: 4 Адукацыйны[d][1]
Пісьмо дэванагары[d][2], канадзкае пісьмо[d], Vatteluttu[d], шарада[d], Siddhaṃ[d], Nandinagari[d] і Nāgarī[d]
Коды мовы
ISO 639-1 sa
ISO 639-2(Б) san
ISO 639-2(Т) san
ISO 639-3 san
SIL san
Фрагмэнт Рыгвэды на санскрыце.

Санскры́т (дэванагары: संस्कृतम्, літаральна — «удасканаленая, адточаная [мова]») — адна з найстарэйшых вядомых моваў, клясычная мова Індыі, літургічная мова індуізму, будызму і джайнізму, адна з 22 фэдэральна прызнаных моваў Індыі. Санскрыт, мова Вэдаў і клясычнай індыйскай культуры, іграе істотную ролю перадусім у індуізьме. Гэта клясычная мова брагманаў, упершыню сыстэматызаваная індыйскім граматыстам Паніні ў 4 ст. да н.э.

Узьнікнуў, як мяркуецца, каля 1200 г. да н.э., выкарыстоўваная ў гэты час вэдыйская мова, аднак, адрозьніваецца ад клясычнага санскрыту. Мова санскрыт узьнікла як спроба новае стандартызацыі старажытных індыйскіх гаворак, падчас якой была праведзеная новая стандартызацыя састарэлай на той час вэдыйскай. Стандартызацыя новае мовы, якая стала вядомая пад тэрмінам санскрыт, была ажыцьцяўленая выбітным мовазнаўцам гэтага пэрыяду Паніні (нарадзіўся на паўночным усходзе сучаснага Пакістану), які, між іншага, здолеў скласьці грунтоўныя апісаньні граматыкі таго часу.

Асноўным адрозьненьнем санскрыту ад вэдыйскае мовы можна лічыць рэгіён яго складаньня, а таксама структурныя паказчыкі. Так, вэдыйская мова разьвілася ў эпоху знаходжаньня старажытнай індаарыйскай цывілізацыі ў Пэнджабе (паўночны захад Індыі, усход Пакістану) і, адпаведна, паўстала на гаворках гэтага рэгіёну, у той час як санскрыт узьнікнуў у эпоху перамяшчэньня індаарыйскае цывілізацыі далей на ўсход, на даліну Гангу, што спрычынілася да стандартызацыі гэтае мовы ў гэтай мясцовасьці. Марфалягічна санскрыт у цэлым можна адзначыць як мову, якая зьведала пэўнае спрашчэньне ў параўнаньні з вэдыйскай (зьнікненьне або перапрацоўка некаторых формаў часу, ладу дзеясловаў). Як вэдыйская мова, так і санскрыт у літаратуры могуць абагульняцца ў шырэйшы панятак — старажытнаіндыйская мова.

Першапачаткова санскрыт ня меў пісьмовасьці, творы на мове перадаваліся вусным шляхам. Пры неабходнасьці пісьмовае фіксацыі мелі ўжытак пісьмо брагмі (ужо да н.э.), пазьней — сыстэмы пісьма, распрацаваныя на яе аснове (дэванагары, кгароштгі). У цяперашнія часы існуе сыстэма, вядомая пад тэрмінам міжнародная сыстэма трансьлітарацыі санскрыту (або пад ангельскім скарачэньнем IAST), створаная ў мэтах лацінскае перадачы мовы (зрэшты, гэтая сыстэма выкарыстоўваецца й для сучасных моваў Індыі, часам нават для неіндаарыйскіх).

Гісторыя выхаду санскрыту з ужываньня крыху нагадвае падобную гісторыю вэдыйскае мовы — састарэньне літаратурнае нормы ў параўнаньні з народнымі гаворкамі, якія праз уласнае разьвіцьцё пачыналі прыкметнае аддаленьне ад пісьмовае мовы. Ужо да нашай эры фармуюцца новыя літаратурныя мовы — пракрыты, але яны не выцясьняюць санскрыт, таму іх існаваньне адносна адна адной варта характарызаваць ня як строга храналягічнае, а паралельнае.

Генэтычна мова адносілася да індаарыйскае групы (да стадыі, вядомай як старажытнаіндыйская мова) індаіранскае галіны індаэўрапейскае сям’і моваў. Акрамя ўласна індаэўрапейскіх характарыстык адлюстроўвае на сабе ўплывы кантактаў з мовамі насельніцтва, якое пражывала на Індастане да ўварваньня арыяў (што таксама назіраецца ў вэдыйскай мове, гл. давэдыйскі субстрат). Як і іншыя індаіранскія мовы, санскрыт — тыповая «сатэмная» мова (тры рады праіндаэўрапейскіх вэлярных у санскрыце адлюстраваныя як сьвісьцячыя; для параўнаньня, да сатэмных індаэўрапейскіх належаць таксама славянскія й балтыйскія мовы). Сатэмізацыю ў санскрыце можна адлюстраваць на найбольш вядомым слове для гэтай ізаглёсы — «сто», якое прыведзенае ніжэй у табліцы (як бачна з табліцы, у лаціне й ангельскай наадварот, адбылося захаваньне вэлярнага, паколькі яны не належыць да сатэмных).

Дзеля ўзбагачэньня мовы гіндзі выкарыстоўваліся вельмі многія санскрыцкія словы, якія прыйшлі на замену пэрсызмам у гэтай мове. Ужо колькі стагодзьдзяў як санскрыт запісваецца перадусім пісьмовасьцю дэванагары, але часам і мясцовымі пісьмовасьцямі.

Сёньня санскрыт збольшага «мёртвая» мова, падобна лаціне, але ён застаецца па-ранейшаму сьвятой мовай індуістаў, бо ўсе сьвятыя пісаньні іх ад Вэдаў з Упанішадамі да Бгават-Гіты напісаныя на санскрыце дый часьцяком так і выкарыстоўваюцца. Санскрыт таксама выкарыстоўваецца ў рэлігійных рытуалах, як то набажэнствах, вясельлях і памінаньні мёртвых. Пры распаўсюджваньні індыйскіх рэлігійных рэаліяў ва Ўсходняй Азіі санскрытызмы пранікалі ў іншыя мовы рэгіёну, у тым ліку неіндаэўрапейскія. У сучаснай лінгвістыцы санскрыт адыгрывае важную ролю ў параўнальна-гістарычным мовазнаўстве як крыніца лексэмаў, што прыводзяцца для параўнаньня адносна іншых індаэўрапейскіх моваў (з прычыны пэўнага архаізму).

Узоры словаў:

Беларуская Санскрыт Ангельская Лаціна
сто śata hundred centum
маці maat.r mother mater
брат bhrat.r brother frater
быць / ёсьць bhuu / asti be / is fuisse / est
два dva two duo
тры tri three tres

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
  2. ^ Before Babel (анг.) — 1992.