Tirpitz
Тырпіц | |
---|---|
ням.: Tirpitz | |
Служба: | |
Клас і тып судна | лінкар / цяжкая артылерыйская плаўбатарэя |
Порт прыпіскі | Тронхейм |
Вытворца | верф Крыгсмарынэ ў Вільгельмсгафене |
Замоўлены да пабудовы | 1935 |
Будаўніцтва распачата | 2 лістапада 1936 |
Спушчаны на ваду | 1 красавіка 1939 |
Уведзены ў эксплуатацыю | 25 лютага 1941 |
Выведзены са складу флота | патоплены 12 лістапада 1944 |
Статус | разабраны на метал і дарожнае пакрыццё (электрагенератары часова выкарыстоўваліся ў якасці электрастанцыі), асобныя часткі захаваліся ў музеях |
Асноўныя характарыстыкі | |
Водазмяшчэнне |
афіцыйнае 35 000 т, праектнае 45 474 т, максімальнае (1944 год) 53 500 т |
Даўжыня |
241,7 м па ватэрлініі; 253,6 м агульная |
Шырыня | 36 м |
Вышыня | 15 м (ад кіля да верхняй палубы на мідэлі) |
Асадка | 9—10,6 м |
Браніраванне |
бранявыя паясы: 145…320 мм палубы: 50…120 мм булі: 220 мм гарматныя вежы: 130…360 мм (у тым ліку барбеты вежаў галоўнага калібра: 342 мм) баявая рубка: 360 мм |
Рухавікі |
12 паравых катлоў Wagner 3 турбіны Brown Boveri & Cie |
Магутнасць | 163 026 к.с. (121 Мвт) |
Рухавік | тры трохлопасцевыя грабныя вінты дыяметрам па 4,7 м |
Хуткасць ходу | 30,8 вузла (57 км/г) |
Далёкасць плавання | 8 870 марскіх міль (16 430 км) на хуткасці 19 вузлоў (35,2 км/г) |
Экіпаж | 2 608 чалавек: 108 афіцэраў і 2 500 унтар-афіцэраў і матросаў (1943) |
Узбраенне | |
Радыёлакацыйнае ўзбраенне | Радыёлакацыйныя станцыі выяўлення надводных і паветраных цэляў |
Артылерыя |
8 × 380 мм/L48.5 SK-C/34 (4 × 2) 12 × 150 мм/L55 SK-C/28 (6 х 2) |
Зенітная артылерыя |
16 × 105 мм/L65 SK-C/37 и L65 SK-C/33 (8 х 2) 16 × 37 мм/L83 SK-C/30 (адзіночныя) 12 × 20 мм/L65 MG C/30 (адзіночныя) 72 × 20 мм/L65 MG C/38 (у счацвяроных («фірлінг») артылерыйскіх устаноўках) |
Мінна-тарпеднае ўзбраенне | 2 × чатырохтрубавыя 533,4-мм тарпедныя апараты (тарпеды G7a T1) |
Авіяцыйная група | 6 самалётаў Arado Ar.196A-3, адна двухбаковая авіяцыйная катапульта |
«Тырпіц» (ням.: Tirpitz) — другі лінкар тыпу «Бісмарк», які ўваходзіў у склад Крыгсмарынэ. У баявых дзеяннях практычна не ўдзельнічаў, аднак сваёй прысутнасцю ў Нарвегіі пагражаў арктычным канвоям у СССР і скоўваў значныя сілы брытанскага флоту[заўв 1]. Спробы знішчыць «Тырпіц» працягваліся на працягу больш за два з паловай гады. Брытанцам перыядычна ўдавалася выводзіць карабель са строю, але іх высілкі ўвянчаліся поўным поспехам толькі ў лістападзе 1944 года пасля нападу з паветра звышцяжкімі бомбамі тыпу Tallboy. Дэталі лінкара дагэтуль знаходзяцца ў ваенных музеях свету.
Гісторыя ўжывання
[правіць | правіць зыходнік]Карабель быў спушчаны на ваду 1 красавіка 1939 года. Сваю назву атрымаў у гонар грос-адмірала Альфрэда фон Тырпіца — заснавальніка сучаснага германскага флоту. Першапачаткова меркавалася, што «Тырпіц» будзе дзейнічаць як рэйдар, нападаючы на гандлёвыя караваны саюзнікаў у Паўночнай Атлантыцы. Аднак лёс лінкара «Бісмарк» вымусіў і Гітлера, і грос-адмірала Рэдэра з вялікай асцярожнасцю паставіцца да магчымасцей буйных надводных артылерыйскіх караблёў, якія не маюць падтрымкі авіяносцаў (іх будаўніцтва ў Германіі было ў выніку на час паскорана, але ў строй ніводны з іх урэшце так і не ўвайшоў), таму «Тырпіц» выкарыстоўваўся вельмі асцярожна і, як следства, рэдка.
У студзені 1942 года «Тырпіц» быў адпраўлены ў нарвежскія воды для палявання на арктычныя канвоі ў СССР і процідзеяння аперацыі Archery брытанскіх камандас на востраве Вогсёй (нарв.: Vågsøy). Там, у фіёрдах, ён і прастаяў практычна ўсю Другую Сусветную вайну. Аднак нават простая прысутнасць «Тырпіца» на Арктычным марскім тэатры ваенных дзеянняў звязвала значныя сілы Каралеўскага Флоту, хоць за ўвесь час знаходжання ў Нарвегіі ён здзейсніў толькі тры наступальныя аперацыі. Нягледзячы на апошняе, брытанскае Адміралцейства ўлічвала патэнцыйную небяспеку лінкора і не спыняла намаганняў па яго знішчэнні. Пасля неаднаразовых нападаў з паветра і з-пад вады «Тырпіц» быў патоплены на стаянцы ў Тромсё 12 лістапада 1944 года ў выніку авіяналёту з прымяненнем звышцяжкіх 5,5-тонавых бомбаў Tallboy.
Аперацыі «Тырпіца»
[правіць | правіць зыходнік]Аперацыя Sportpalast
[правіць | правіць зыходнік]У пачатку сакавіка 1942 года немцамі была спроба перахапіць канвоі PQ-12 і QP-8. PQ-12 выйшаў 1 сакавіка 1942 года з порта ў Ісландыі, а QP-8 — прыкладна ў той жа час з Мурманска. 5 сакавіка «Тырпіц» у суправаджэнні трох эскадраных мінаносцаў пакінуў базу і накіраваўся цераз Паўночны Ледавіты акіян да Мядзвежага вострава. З прычыны дрэннага надвор’я выявіць канвоі не ўдалося, толькі адзін з эсмінцаў выявіў і патапіў савецкі лесавоз «Іжора», які адстаў ад QP-8. 9 сакавіка «Тырпіц» быў заўважаны самалётам з авіяносца HMS Victorious, і віцэ-адмірал (пасля — адмірал) Ота Цыліякс (ням.: Otto Ciliax), які камандаваў атрадам, прыняў рашэнне неадкладна спыніць паход і вярнуцца ў базу.
Аперацыя Rösselsprung
[правіць | правіць зыходнік]У ліпені 1942 года нямецкае камандаванне планавала выкарыстоўваць лінкар «Тырпіц», браняносец «Адмірал Шэер» і цяжкі крэйсер «Адмірал Хіпер» разам з эсмінцамі і мінаносцамі для нападу на канвой PQ-17 (план Rösselsprung — «Ход канём»). З прычыны затрымак з дазволам на пачатак аперацыі (яго даваў асабіста Гітлер), выхад у мора адбыўся толькі 5 ліпеня. Да гэтага моманту стала вядома, што канвой ужо распушчаны і «Тырпіц» павярнуў назад[1]. Такім чынам, прамой шкоды канвою «Тырпіц» не нанёс. Аднак PQ-17, распушчаны і пакінуты без аховы менавіта з-за пагрозы з боку «Тырпіца», беспрэцэндэнтна пацярпеў ад нападаў германскіх авіяцыі і падводных лодак.
Атака Луніна
[правіць | правіць зыходнік]У дзень выхаду з перадавога пункта дыслакацыі ў Вестфіёрде лінкар быў атакаваны савецкай падводнай лодкай К-21 пад камандаваннем капітана 2-га рангу (пасля — контр-адмірала) М. А. Луніна. Лодкай быў здзейснены залп з чатырох кармавых тарпедных апаратаў. Экіпаж лодкі выніку сваёй тарпеднай атакі непасрэдна не назіраў, аднак чуў два моцныя выбухі і серыю выбухаў слабей. Лунін у сваім дакладзе выказаў здагадку, што выбухі тлумачацца трапленнем тарпед у лінкар, адначасова дапушчаючы верагоднасць таго, што тарпеды патрапілі ў адзін з эсмінцаў эскорту; у штабе брыгады падводных лодак Паўночнага Флоту на падставе яго дакладу і звестак разведкі зрабілі выснову аб патапленні эсмінца і пашкоджанні лінкара. У савецкай і сучаснай расійскай мемуарнай і папулярнай літаратуры, а таксама публіцыстыцы частак сустракаюцца сцвярджэнні пра пашкоджанне «Тырпіца» ў час атакі К-21[2] (у савецкі час аж да надыходу эпохі «галоснасці» ў 1987 годзе гэта быў афіцыйны — у значэнні «адзіны дапушчальны» — пункт гледжання як у гістарыяграфіі, так і ў літаратуры для масавага чытача). Расійскі гісторык М. Э. Марозаў мяркуе, што з пырчыны няправільнага вызначэння элементаў руху цэлі, вялікага вугла сустрэчы і занадта вялікай дыстанцыі стральбы германскія караблі нават тэарэтычна не маглі атрымаць трапленняў, а пачутыя экіпажам К-21 выбухі тлумачацца або ўзрывам тарпед пры іх ударах аб грунт (у канцы траекторыі руху баявая тарпеда ў выпадку непаражэння цэлі тоне), або аддаленымі выбухамі глыбінных бомбаў, якія «прафілактычна» скідваюцца караблямі эскорта[3]. У суднавых дакументах «Тырпіца» пра аперацыю «Ход канём» ніякіх згадак пра атаку Луніна не змяшчаецца[4], але некаторыя гісторыкі дапушчаюць магчымасць фальсіфікацыі гэтых дакументаў.
Аперацыя Sizilien
[правіць | правіць зыходнік]У верасні 1943 года была праведзена аперацыя Sizilien («Сіцылія») — рэйд на востраў Шпіцберген. Германскія войскі высадзіліся на востраве пры артылерыйскай падтрымцы з лінкара «Тырпіц», лінейнага крэйсера «Шарнгорст» і дзевяці эскадраных мінаносцаў. Немцы займалі востраў з 6 верасня па 9 верасня 1943 года. Аперацыя Sizilien была адзіным выпадкам, калі «Тырпіц» страляў са сваіх гармат па іншым праціўніку, чым паветраныя цэлі (аднак па суднах праціўніка ён так ніколі і не здзейсніў ніводнага выстралу).
Аперацыі супраць «Тырпіца»
[правіць | правіць зыходнік]Брытанцы не спынялі атакі на «Тырпіц» да таго часу, пакуль не патапілі лінкар.
Аперацыя Title
[правіць | правіць зыходнік]30—31 кастрычніка 1942: спроба знішчыць «Тырпіц» з дапамогай кіраваных падводных апаратаў пад кодавай назвай «Калясніца» (англ.: Chariot), якія ўяўлялі сабой тарпеды, што кіруюцца чалавекам[5]. Да месца стаянкі «Тырпіца» апараты павінны былі быць дастаўлены шляхам скрытнай буксіроўкі ў падводным становішчы з дапамогай рыбалоўчага катара «Arthur» (капітан — Leif Larsen).
30 кастрычніка катару з тарпедамі на буксіры ўдалося ўвайсці ў Тронхеймс-фіёрд. Калі да месца стаянкі «Тырпіца» заставалася не больш за 15 міль (28 км), падняўся моцны сустрэчны вецер з хваляй. 31 кастрычніка ў 22:00 за кармой раздаўся гучны скрыгат. «Артур» зайшоў у найбліжэйшую гавань, дзе вадалаз выявіў страту абедзвюх тарпед. У гэты момант да «Тырпіца» заставалася менш за 10 міль (18,5 км). Катар быў затоплены і каманда пайшла пешшу да шведскай мяжы.
Немцы пазней выявілі затоплены катар і пасля абследавання прыйшлі да высновы, што ён прызначаўся для спецыяльнай аперацыі.
Аперацыя Source
[правіць | правіць зыходнік]У верасні 1943 года адбылася першая паспяховая аперацыя супраць «Тырпіца». Для атакі былі выкарыстаны падводныя міні-лодкі класа «Экс» (англ.: X). Большую частку шляху міні-лодкі ішлі на буксіры звычайных падлодак. З шасці звышмалых падводных лодак атакаваць «Тырпіц» павінны былі тры: X5 (лейт. Хенты-Крыр), X6 (лейт. Дональд Кэмеран) і X7 (лейт. Бэзіл Плэйс). Лодка X5 была выяўлена і патоплена, але X6 і X7 скінулі пад лінкарам чатыры 2-тонавых міны, начыненых аматолам. Пасля гэтага лодкі таксама былі выяўлены, а іх каманды трапілі ў палон. Нягледзячы на выяўленую небяспеку, «Тырпіц» не паспеў зняцца са стаянкі да ўзрыву мін. Узрыў нанёс лінкару сур’ёзныя пашкоджанні: былі пашкоджаны шпангоўты ў насавой частцы і сарвана са станіны адна з турбін. Вежа «C» вагай каля 2000 тон была падкінута ўверх і пры падзенні заклінавала шаравы пагон. Выправіць вежу па-за докам апынулася немагчыма. Акрамя таго, выйшлі са строю ўсе далямеры і прыборы кіравання агнём. У выніку атрыманых пашкоджанняў лінкар на шэсць месяцаў выбыў са строю і яго максімальная скорасць істотна паменшылася[6].
За паспяховае правядзенне аперацыі капітаны міні-падлодак X6 і X7 былі ўзнагароджаны крыжамі Вікторыі — вышэйшымі ваеннымі ўзнагародамі Брытанскай імперыі.
Аперацыя Tungsten
[правіць | правіць зыходнік]Да красавіка 1944 года «Тырпіц» быў адрамантаваны і зноў мог уяўляць небяспеку. У адказ на гэту пагрозу брытанскі флот распачаў аперацыю з кодавай назвай «Вальфрам» (англ.: Tungsten). У атацы ўдзельнічалі значныя сілы флоту, у тым ліку: два лінкары, два эскадраныя авіяносцы, два скараходныя лёгкія авіяносцы, два крэйсеры і шаснаццаць эсмінцаў. Атака пачалася 3 красавіка, напярэдадні выхаду «Тырпіца» на хадавыя выпрабаванні пасля рамонту.
У налёце ўдзельнічалі дзве хвалі тарпеданосцаў Fairey Barracuda у суправаджэнні знішчальнікаў эскорту. Самалёты неслі, аднак, не тарпеды, а бомбы розных тыпаў: бранябойныя, фугасныя, глыбінныя і аскепкавыя. Першая хваля нанесла ўдар у 05:30. Да 08:00 атака была завершана: страты склалі тры самалёты. Экіпаж «Тырпіца» страціў 123 чалавекі забітымі і 300 параненымі. Бранявыя паясы і бранявая палуба лінкара пры гэтай атацы не былі пашкоджаны, аднак надбудовам быў нанесены заўважная шкода, якая запатрабавала тры месяцы на рамонт для яе ўстараненне.
Аперацыі Planet, Brawn, Tiger Claw і Mascot
[правіць | правіць зыходнік]Лінейны карабель «Тырпіц» па-ранейшаму заставаўся пагрозай, таму брытанскае адміралцейства працягвала планаваць аперацыі супраць яго. Аднак з прычыны дрэннага надвор’я ў красавіка-маі 1944 года англічанам прыйшлося адмяніць тры налёты: аперацыі Planet, Brawn і Tiger Claw.
Наступная атака саюзнікаў з выкарыстаннем авіяносцаў (аперацыя Mascot) адбылася ў ліпені 1944 года. Аднак да гэтага часу немцы значна ўзмацнілі проціпаветраную абарону, асабліва сістэму дымавой завесы, у выніку чаго атака скончылася беспаспяхова: самалёты не дамагліся трапленняў.
Аперацыі Goodwood I, II, III і IV
[правіць | правіць зыходнік]У жніўні 1944 года «Тырпіц» нарэшце прайшоў марскія выпрабаванні. Неўзабаве пасля гэтага брытанцы зноў здзейснілі налёты (аперацыі Goodwood I і Goodwood II), якія зноў скончыліся безвынікова з прычыны дрэннага надвор’я.
Аперацыі Paravane, Obviate і Catechism
[правіць | правіць зыходнік]«Аперацыя Paravane» (англ. Параван) была прадпрынятая Каралеўскімі Паветранымі Сіламі Вялікабрытаніі 15 верасня з аэрадрома Ягаднік пад Архангельскам. Самалёты Avro Lancaster былі ўзброены 5,5-тонавымі бомбамі Tallboy і эксперыментальнымі 500-фунтавымі (227-кг) падводнымі «хадзячымі» (саматранспартавальнымі) мінамі. Нягледзячы на дымавую завесу, пастаўленую для абароны «Тырпіца», адна з бомбаў усёткі патрапіла ў нос карабля, нанесла пашкоджанні, якія зрабілі яго практычна немараходным. У немцаў практычна не было магчымасці паставіць «Тырпіц» у сухі док на рамонт, таму ў кастрычніку лінкар перавялі ў Тромсё ў якасці «цяжкай артылерыйскай плаўбатарэі» на выпадак чаканага ўварвання саюзнікаў у Нарвегію. Новае месца дыслакацыі карабля ўжо знаходзілася ў межах дасяжнасці цяжкіх бамбардзіроўшчыкаў Бамбардзіровачнага камандавання Каралеўскіх ВПС, якія базіраваліся ў Паўночнай Шатландыі, і брытанцы працягнулі атакі на «Тырпіц», не ведаючы пра прынятае немцамі рашэнне не аднаўляць карабель.
28 кастрычніка з базы Лосімут у Шатландыі быў прадпрыняты чарговы налёт на «Тырпіц» пад назвай «Аперацыя Obviate» (англ. Устараняць), аднак у апошні момант карабель быў схаваны аблокамі, і толькі адна бомба Tallboy, разарваўшыся недалёка ад карабля, пагнула грабны вал.
Але ў наступны раз, 12 лістапада, у час «аперацыі Catechism» (англ. Катэхізіс) над «Тырпіцам» не было ні дымавой завесы, ні аблокаў. У карабель патрапілі тры бомбы Tallboy: адна адскочыла ад вежавай брані, але дзве іншых прабілі браню і прарабілі прыкладна 200-футавую (прыблізна 60 м) дзіру ў яго левым борце, выклікаўшы таксама пажар і наступны ўзрыў у парахавым склепе вежы «C», прычым узрыў адарваў яе. У выніку «Тырпіц» заваліўся на борт, а затым перавярнуўся і прыкладна праз 10 хвілін пасля атакі затануў на захад ад Тромсё, у бухце Хокёйбатн, разам з ім на дно пайшло больш за 950 чалавек з прыкладна 1700, што знаходзіліся на борце.
З прычын, дагэтуль не да канца зразумелых, знішчальнікам Люфтвафэ не ўдалося перашкодзіць атацы брытанскай бамбардзіровачнай авіяцыі на «Тырпіц» 12 лістапада[удакладніць]. Германскай ППА ўдалося толькі пашкодзіць рухавік аднаго з самалётаў, якія ўдзельнічалі ў налёце, але яго каманда выратавалася, «жорстка» прызямліўшыся ў Швецыі. У выніку гэтага правалу камандзір эскадрыллі 9./JG 5 5-га паветранага флоту Люфтвафэ, адказнай за знішчальнае прыкрыццё раёна Тромсё, маёр Генрых Эрлер быў абвінавачаны ў злачынным грэбаванні службовымі абавязкамі і прысуджаны да смяротнага пакарання смерцю, замененага трыма гадамі зняволення ў крэпасці з папярэдняй адпраўкай на фронт у палявы штрафны лагер (адзін з відаў штрафных ваенных фарміраванняў Трэцяга Рэйха, які адрозніваўся асабліва суровым рэжымам) да завяршэння вайны.
Знішчэнне «Тырпіца» зняла апошнюю сур’ёзную надводную пагрозу для камунікацый саюзнікаў у Паўночнай Атлантыцы і Паўночным Ледавітым акіяне. Гэта дазволіла перавесці галоўныя надводныя сілы Каралеўскага флоту — эскадраныя авіяносцы, скараходныя лёгкія авіяносцы, лінейныя караблі і лінейны крэйсер «Рынаўн» — з Атлантычнага тэатра вайны, дзе яны знаходзіліся ў якасці «сіл стрымлівання», — у Індыйскі і Ціхі акіяны, дзе яны прынялі ўдзел у баявых дзеяннях супраць Японіі.
Пасля вайны
[правіць | правіць зыходнік]Пасля вайны абломкі «Тырпіца» былі прададзены нарвежскай кампаніі, пасля чаго лінкар разрэзалі на часткі і вывезлі. Аднак значны фрагмент насавой часткі застаецца там, дзе ён і затануў у 1944 годзе. Акрамя таго, электрагенератары з карабля былі выкарыстаны як часовая электрастанцыя, забяспечваючы рыбную прамысловасць вакол горада Хонінгсваг (нарв.: Honningsvåg).
У наш час фрагменты лінкара выкарыстоўваюцца Нарвежскім дарожным дэпартаментам (Vegvesenet) як часовае дарожнае палатно пры правядзенні рамонтных работ[7]. Некаторыя часткі карабля былі пераплаўлены на брошкі і іншую біжутэрыю. Акрамя таго, значны фрагмент бронеабшыўкі захоўваецца ў Каралеўскім ваенна-марскім музеі «Explosion!» («Узрыў!») у Госпарце, Хэмпшыр.
Недалёка ад месца патаплення «Тырпіца» існуюць штучныя азёры, якія з’явіліся ў варонках ад разрываў бомбаў Tallboy, якія не патрапілі ў цэль.
Камандны састаў
[правіць | правіць зыходнік]- Указанні пры будаўніцтве: капітан мора (капітан 1-га рангу) Фрыдрых Карл Топ (ням.: Friedrich Carl Topp), 15 студзеня 1941 — 25 лютага 1941
- капітан мора Фрыдрых Карл Топ, 25 лютага 1941 — 24 лютага 1943
- капітан мора Ганс Карл Меер (ням.: Hans Karl Meyer), 24 лютага 1943 — 1 мая 1944
- капітан мора Вольф Юнгэ (ням.: Wolf Junge), 1 мая 1944 — 4 лістапада 1944
- капітан мора Роберт Вебер (ням.: Robert Weber), 4 лістапада 1944 — 12 лістапада 1944 (загінуў разам з караблём)
У культуры
[правіць | правіць зыходнік]- З «Тырпіцам» звязана адна з місій у гульні Hidden & Dangerous 2, дзе група брытанскіх разведчыкаў выконвае заданне па мінаванні карабля. У гульні місія прайшла ўдала, быў замінаваны не толькі сам «Тырпіц», але і мінны тральшчык «Олаф», а таксама з апошняга выкрадзена шыфравальная машына «Энігма».
- «Тырпіц» быў згаданы і ў гульні Call of Duty у Брытанскіх місіях, дзе двое разведчыкаў здзяйсняюць на лінкары дыверсію — мінаванне катлоў і знішчэнне электронных блокаў РЛС.
- «Тырпіц» таксама быў згаданы ў гульні Wolfenstein у пачатковым роліку, дзе агент Блажкавіч, галоўны герой, здзейсніў на караблі дыверсію і пусціў яго на дно.
- «Тырпіц» неабходна знішчыць у адной з апошніх місій у гульні Battle of Europe.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]- Бісмарк (лінейны карабель) — першы карабель тыпу «Бісмарк».
- Адмірал Шэер (цяжкі крэйсер)
- Рэйд на Сен-Назер
- Tallboy (бомба)
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Т. Тудейа, Д. Вудворд «Сумерки морских богов», — АСТ, 2002, стр. 366
- ↑ Напрыклад, Савецкая падлодка К-21 каштавала ўсяго брытанскага флоту. Незалежны ваенны агляд. У. Заборскі 17 сакавіка 2000
- ↑ М. Э. Морозов, К. Л. Кулагин. «Катюши» в бою. — Морская Коллекция, № 2, 2008
- ↑ tsushima.su // Аперацыя «Ход канём» у дакументах ТЫРПІЦА
- ↑ «Tirpitz» — The History Архівавана 17 лютага 2009.
- ↑ Вудвард, стар. 419
- ↑ Артыкул з фатаграфіямі пліт з «Тырпіца» (нарв.) Архівавана 27 верасня 2007.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Тарас А. Е. Вторая мировая война на море. — Мн.: Харвест, 2003. — 640 с. — (Военно-историческая библиотека). — ISBN 985-13-1707-1.
- Дэвид Вудворд. «Тирпиц». Боевые действия линкора в 1942-1944 годах = Dawid Woodward THE TIRPITZ and the Battle for the North Atlantic. — М.: ЗАО Изд-во Центрполиграф, 2005. — 255 с. — ISBN 5-9524-1636-5.
- Ткачёв A. В. Охота на Тирпица. — М.: Андреевский флаг, 1993.
- Niklas Zetterling, Michael Tamelander. Tirpitz: The Life and Death of Germany's Last Super Battleship. — Havertown, Pa: Casemate Publishers, 2009. — 360 p. — ISBN 1-935-14918-0.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Tirpitz
- Энцыклапедыя караблёў Архівавана 19 верасня 2009.
- М. Марозаў «Напад германскага лінкара»
- Утапіць «Тырпіц» (дакументальны фільм)
- «Tirpitz Museum» Архівавана 19 лютага 2019.
- (ням.) Untergang der «Tirpitz»
- Аэрафотаздымак — лінкар Тырпіц на якарнай стаянцы ў Ка-фіёрдзе, Нарвегія. — фатаграфія з альбома лётчыка-назіральніка Ф. С. Гарачага.