(Translated by https://www.hiragana.jp/)
Узляны — Вікіпедыя Перайсці да зместу

Узляны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вёска
Узляны
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Ранейшыя назвы
Паляны, Вузляны
Насельніцтва
  • 321 чал. (2019)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1713
Паштовыя індэксы
222844
Аўтамабільны код
5
Узляны на карце Беларусі ±
Узляны (Беларусь)
Узляны
Узляны (Мінская вобласць)
Узляны

Узля́ны[1] (трансліт.: Uzliany) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці, на левым беразе ракі Вушанка. Уваходзіць у склад Пярэжырскага сельсавета. Месціцца за 35 км на паўночны захад ад Мар’інай Горкі, 6 км ад чыгуначнага прыпынку Седча на лініі Мінск — Асіповічы.

Узляны з дарогі на Азярычына.
Цэнтральная вуліца.

Паводле географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Узляны мае балцкае паходжанне і адпавядае літоўскаму uzlos — гаць, насціл з жэрдак на гразкай дарозе[2]. Другая распаўсюджаная назва паселішча — Вузляны, існуе версія пра паходжанне назвы ад слова вузел, бо вёска стаіць на скрыжаванні дарог, «звязвае» паміж сабой шматлікія паселішчы.

Геаграфія і экалогія

[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца на паўночна-заходнім ускрайку Пухавіцкай раўніны на яе мяжы з Мінскім узвышшам. Па ўсходзе тэрыторыя населенага пункту абмежаваная меліяраванай нізінай уздоўж ракі Вушанка, па поўначы і паўднёвым захадзе ― раней забалочанымі нізінамі з меліярацыйнымі каналамі. На паўднёвым захадзе дамінуючыя вышыні да 180 ― 190 м з гарой Селішчы (196 м) ва ўрочышчы Цагельня. На поўдні ― былая забалочаная нізіна, на якой да 1990-х гадоў вялася торфараспрацоўка.

На месцы ранейшай здабычы торфу праведзена рэкультывацыя кар’ера з яго абвадненнем. У выніку ў непасрэднай блізкасці ад вёскі на паўднёвым кірунку ад вуліцы Дамавая ўтвораны разліў «Узляны-Маліннікі» ці Узлянскі разліў плошчай 145 га, які з’яўляецца трэцім паводле велічыні вадаёмам Пухавіцкага раёна і адным з аб’ектаў, які, дзякуючы сваёй фаўне, карыстаецца папулярнасцю сярод рыбаловаў і паляўнічых.

На паўднева-ўсходнім ускрайку вёскі знаходзіцца копанка Вузляны з абсталяваным пляжам, якая амаль штогод уключаецца ў пералік паверхневых водных аб’ектаў, якія выкарыстоўваюцца для адпачынку[3].

На ўсход ад вёскі па правым беразе ракі Вушанка раней размяшчаўся кар’ер для здабычы пяску і пясочна-гравійнай сумесі, які быў рэкультываваны з высадкай на яго месцы хвойных дрэваў. Разам з суседні лесам Барок былы кар’ер уключаны ў паляўніча-гаспадарчую зону[4].

Вялікае Княства Літоўскае

[правіць | правіць зыходнік]

У 1-й палове XV ст. вёска ўваходзіла ў склад Бакштанскай воласці, якая належала заможнаму магнацкаму роду Кезгайлаў. У 1447 годзе частка гэтых уладанняў з Ігуменам і 2000 жыхароў воласці, а таксама з Узлянамі і суседнімі Азярычынам, Пярэжырамі, Лешніцай і Такарняй, перададзена біскупам віленскім[5].

Упершыню ў афіцыйных дакументах згадваецца ў 2-й палове XVII ст. Узляны дзяліліся на дзве паловы: у мястэчку Узляны пражывала ў асноўным яўрэйскае насельніцтва, у сяле Паляны — пераважала беларускае. Першая згадка пра сяло Паляны адносіцца да пачатку XVII ст. Гэта было невялікае паселішча. Паселішчы ўваходзілі ў склад Менскага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

У 1-м дзесяцігоддзі XVIII ст. узлянскай яўрэйскай супольнасцю пабудавана драўляная сінагога[6], асаблівасцю якой быў выраблены рэзчыкам па дрэву Баерам Бен Ісраэлем Арон-ха-Кодэш, дзе захоўвалася Тора супольнасці[7].

У 1771 годзе біскуп віленскі Ігнацы Якуб Масальскі аддзяліў Узляны ад парафіі Пярэжырскай, фундаваў тут царкву Покрыва Багародзіцы.

Пад уладай Расійскай імперыі

[правіць | правіць зыходнік]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) — у Расійскай імперыі, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. Расійскія ўлады адабралі маёнтак у Касцёла і перадалі яго генералу Пятру Аляксеевічу Ісленеву, які ў 1803 годзе саступіў гэтую маёмасць генералу Адаму Длускаму. Апошні ў 1805 годзе перадаў Узляны Паўлу Сакеру, які быў родам з Курляндыі. У 1829 годзе ў Міхала, сына Паўла Сакера, маёнтак набыў Ярэма Стрэнкоўскі. У 1840 годзе ўдава Стрэнкоўская падзяліла Узляны паміж сваімі дочкамі — Зузанай, жонкай Івана Лапава (Яна Лапы), і Юліяй, жонкай Багуслава (Арцёма Георгіевіча) Копцава (Копаця). Копцавым дасталіся Узляны, а другая палова, названая ў народзе «Зузанполем» ад пабудаванага фальварка, належала Лапавым. У гэты ж час каля 200 яўрэяў «аселі» ў гэтай мясцовасці. Займаліся яны пераважна рознічным гандлем, бо мястэчка атрымала прывілей на нядзельны торг[8]. Пасля 1861 года ў Пярэжырскай воласці Ігуменскага павета.

У сярэдзіне XIX ст. рабінам ва Узлянах быў Ш. Штылбанс, адзін з найбольш шанаваных іўдзейскіх святароў, які меў афіцыйны тытул «гаон»[7]. Пасля яго смерці ў 1870 годзе іўдзейскую супольнасць узначаліў яго сын П. Штылбанс (1848―?).

У 1886 годзе 73 двары, 624 жыхары, ёсць праваслаўная царква, вінакурны завод, яўрэйская малітоўная школа. У канцы XIX ст. сярод землеўладальнікаў Узлян значыліся Філіпіна Мацвееўна Копаць, дваранка, каталічка — маёнтак Узляны Пярэжырскай воласці, 300 дзесяцін зямлі, Міхал Паўлавіч Трафімаў, ганаровы грамадзянін, праваслаўны — маёнтак Сузанполь (Зузанполе), 200 дзесяцін зямлі[9].

У 1897 годзе ў вёсцы 135 двароў, 805 жыхароў, 2 хлебазапасныя магазіны; сяло — 76 двароў, 570 жыхароў, другая вёска — 75 двароў, 562 жыхары, маёнтак — 3 двары, 67 жыхароў. У 1898 годзе пабудаваная новая (драўляная) Пакроўская царква. У 1903 годзе адкрытая царкоўна-прыходская школа[10].

У пачатку XX ст. на месцы сучаснага населенага пункта было 2 вёскі з назвай Узляны. У 1909 годзе вёскі Узляны: 1 — 75 двароў, 502 жыхары; 2 — 76 двароў, 570 жыхароў; мястэчка — 105 двароў, 876 жыхароў, праваслаўная царква, сінагога, паштова-тэлеграфнае аддзяленне; маёнтак — 3 двары, 67 жыхароў; праводзіліся штотыднёвыя таржкі[10]. У 1914 годзе ва Узлянах дзейнічала Дзяржаўная ашчадная каса № 117 пры Мінскім аддзяленні Дзяржаўнага банка.

У 1917 годзе ў мястэчку — 102 двары. 690 жыхароў, у сяле — 78 двароў, 438 жыхароў; у вёсцы — 103 двары, 521 жыхар; у маёнтку — 39 жыхароў[10].

Помнік загінулым яўрэям.
Помнік на месцы бою 4 ліпеня 1944 года.

З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).

З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. Створана працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1922 годзе вучылася каля 70 дзяцей, працавалі 2 настаўнікі. 3 20 жніўня 1924 года цэнтр Узлянскага сельсавета Самахвалавіцкага раёна Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930 года); з 18 студзеня 1931 года ў Пухавіцкім, з 12 лютага 1935 года ў Рудзенскім, з 6 ліпеня 1935 года ў Смілавіцкім, з 11 лютага 1938 года ў Рудзенскім раёнах[10]. У пачатку 1930-х гадоў праведзена прымусовая калектывізацыя. У 1933 годзе былі калгасы імя Сталіна і імя Леніна, 2 млыны, шавецкая майстэрня, 2 кузні. З 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці[10].

У Другую сусветную вайну з 28 чэрвеня 1941 года была акупавана войскамі Германіі. 8 кастрычніка 1941 года нямецкая адміністрацыя здзейсніла забойства 375 мірных жыхароў — яўрэяў, якія жылі ў Вузлянах. Дзейнічала антыфашысцкае падполле, у ваколіцах вёскі — савецкая партызанская брыгада «Беларусь». 4 ліпеня 1944 года пры савецкім вызваленні раёна каля вёскі ў баі адзначыліся салдаты 5-й батарэі 220-га знішчальна-супрацьтанкавага артылерыйскага палка 48-й арміі пад камандаваннем гвардыі капітана Антона Леанцюка, якія, паводле савецкай гістарыяграфіі, з узводам прыдадзеных танкаў у ходзе 3-гадзіннага бою адбілі 6 варожых атак, забілі больш за 600 салдат і афіцэраў, 2 самаходна-артылерыйскія ўстаноўкі, 4 мінамёты, 9 аўтамашын і бронетранспарцёраў, 6 кулямётаў. Антону Леанцюку, гвардыі сяржантам Дзмітрыю Чапусаву, Афанасію Чарняку, Яфрэму Курачкіну[d] і гвардыі малодшаму сяржанту Васілю Токараву (пасмяротна) прысвоена званне Героя Савецкага Саюза[10].

З 8 красавіка 1957 года ў Навапольскім сельсавеце Рудзенскага раёна[11]. З 20 студзеня 1960 года ў Пухавіцкім раёне[12], з 1 красавіка 1960 года ў Пярэжырскім сельсавеце[13]. У 1960 годзе ў вёсцы 120 жыхароў. У 1970 годзе 166 двароў, 447 жыхароў, цэнтр калгаса імя Куйбышава[10]. У 1980-х гадах і пазней дзейнічалі базавая школа, дзіцячы яслі-сад, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, ашчадная каса, дом культуры з музеем, магазін раённага спажывецкага таварыства і комплексны пункт бытавога абслугоўвання[10].

У 2002 годзе ў вёсцы 151 двор, 399 жыхароў. Мясцовая сельскагаспадарчая вытворчасць ажыццяўляецца калгасам (з 2003 года ― калгасам-камбінатам) «Барацьба» з цэнтрам у Зазерцы, пераўтвораным у 2010 годзе ў ААТ «Зазерка»[14]. З 2005 года ва Узлянах зарэгістравана і функцыянуе ТАА «Ліцейны двор», якое займаецца вытворчасцю мастацкіх кампазіцый з каляровых і чорных металаў. Да 28 мая 2013 года вёска была цэнтрам Узлянскага сельсавета[15].

У 2000-х ― 2010-х гадах у вёсцы спыніў сваю работу шэраг устаноў. У 2016 годзе адбылося закрыццё дзіцячага сада і школы, адукацыйныя паслугі насельніцтву аказваюцца на базе дзяржаўнай установы адукацыі «Грабенская базавая школа». У 2020 годзе двухпавярховы цагляны будынак узлянскай базавай школы прададзены на аўкцыёне[16].

  • 1886 год — 73 двары, 624 жыхары
  • 1897 год — 690 жыхароў
  • 1908 год: 1-я вёска — 75 двароў, 502 жыхары; 2-я вёска — 76 двароў, 502 жыхары; маёнтак — 3 двары, 67 жыхароў; мястэчка — 105 двароў, 867 жыхароў
  • 1917 год — 5 населеных пунктаў з назвай Узляны: мястэчка — 102 двары, 690 жыхароў; сяло — 78 двароў, 438 жыхароў; вёска (яна ж Паляны) — 103 двары, 521 жыхар; два маёнткі — 78 жыхароў
  • 1970 год — 166 двароў, 447 жыхароў
  • 1999 год — 436 жыхароў
  • 2002 год — 151 двор, 399 жыхароў
  • 2009 год — 375 жыхароў
  • 2019 год — 321 жыхар[17]

Страчаная спадчына

[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]
  • Давід Сарноў (1891—1971) — амерыканскі сувязіст і бізнесмен, адзін з заснавальнікаў радыё і тэлевяшчання ў ЗША.
  • Юджын Лаянс (1898—1985) — амерыканскі журналіст і пісьменнік, стрыечны брат Давіда Сарнова.
  • Міхаіл Гебелеў (1905—1942) — кіраўнік падполля ў Мінскім гета.
  • Васіль Барташэвіч (1915—2009) — жывапісец.
  • Давід Гершановіч (1920—2007) — доктар геолага-мінералагічных навук.
  • Соф’я Наркевіч, дзяв. Паўловіч (1928—2009) — свінарка калгаса імя Куйбышава, Герой Сацыялістычнай Працы (1966), дэпутатка Вярхоўнага Савета БССР.
  • Міхал Богуш-Шышка (1811, Варонічы — 1877, Альхова), культурны дзеяч, архівіст, перакладчык, гісторык, лінгвіст. Пахаваны на Вузлянскіх могілках.
  • Дзмітрый Плышэўскі (?—1937) — святар, у 1999 годзе як святамучанік прылічаны Беларускім экзархатам Рускай праваслаўнай царквы да мясцовашанаваных святых, уключаны ў спіс навамучанікаў i спаведнікаў Расійскіх. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года быў прызначаны святаром у Палянскую (Вузлянскую) царкву Покрыва Прасвятой Багародзіцы, падчас узмацнення антырэлігійнай палітыкі быў упершыню арыштаваны ў 1930 годзе ва Узлянах, а пасля закрыцця храма і пераводу ў Смалявічы арыштаваны ў верасні 1937 года i рэпрэсаваны за «контррэвалюцыйную дзейнасць».
  • Давіда Сарнова вуліца
  • Дамавая вуліца
  • Новы завулак
  • Палявая вуліца
  • Садовая вуліца
  • Цэнтральная вуліца[18]
  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Вузля́ны
  2. Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 383.
  3. «Не зная броду, не суйся в воду»: несколько простых рекомендаций любителям отдохнуть вблизи водоемов — Пухавiцкiя навiны. Пуховичские новости. Марьина Горка. Новости Марьиной Горки (руск.) (4 мая 2021). Праверана 26 верасня 2024.
  4. БООР. rgooboor.by. Праверана 26 верасня 2024.
  5. Jelski A. Ozieryczyn. Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. T. VII. — Warszawa, 1892. — С. 788.
  6. Wooden Synagogues of Poland in the 17th and 18th Century. Uzlyany (англ.). WE REMEMBER! SHALOM! (1 марта 2003).
  7. а б Смиловицкий Л. По следам еврейских кладбищ Беларуси. Узляны. Мастерская Журнал-газета истории, традиции, культуры (5 марта 2020).
  8. Jelski A. Uźlany // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XII: Szlurpkiszki — Warłynka (польск.). — Warszawa, 1892. S. 869
  9. Список землевладельцев Минской губернии, Мн., 1889
  10. а б в г д е ё ж Узляны // Гарады і вёскі Беларусі. Т. 8 : Мінская вобласць, кн. 4 / Т.У. Бялова (галоўны рэдактар) і інш. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2013. — С. 190. — 528 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0735-9.
  11. Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 8 красавіка 1957 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1957, № 5.
  12. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Аб ліквідаванні некаторых раёнаў Беларускай ССР ад 20 студзеня 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 2.
  13. Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 1 красавіка 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 10.
  14. Кацярына Вернікоўская. ААТ «Зазерка» адзначае 90-гадовы юбілей. Пухавіцкія навіны (20 марта 2020).
  15. «Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 Архівавана 31 сакавіка 2016. (руск.)
  16. Здание бывшей школы продано на аукционе в Пуховичском районе (руск.). belta.by (20 ліпеня 2020). Праверана 26 верасня 2024.
  17. Belarus. pop-stat.mashke.org. Праверана 26 верасня 2024.
  18. Спіс вуліц і іншых элементаў ўнутранага адраса(недаступная спасылка). Нацыянальнае кадастравае агенцтва Рэспублікі Беларусь. Архівавана з першакрыніцы 11 красавіка 2021. Праверана 12 лютага 2020.
  • Узляны // Гарады і вёскі Беларусі. Т. 8 : Мінская вобласць, кн. 4 / Т.У. Бялова (галоўны рэдактар) і інш. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2013. — С. 190. — 528 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0735-9.
  • Памяць : Пухавіцкі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [укладальнік А. А. Прановіч; рэдкалегія: А. М. Карлюкевіч і інш.]. — Мінск : Беларусь, 2003. — 748 с. — 3000 экз. ISBN 985-01-0251-9
  • Jelski A. Uźlany // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Tom XII: Szlurpkiszki — Warłynka. — Warszawa. — 1892. — С. 868—869. — 960 с.